|
|
Легенды краю НарачанскагаГлавная / Легенды краю Нарачанскага
Край Нарачанскі
Святая беларуская зямля, мілая і дарагая сэрцу мясціна. Край паэтаў і ваяроў, рамантыкаў і шчырых духам людзей. Яго любяць пяшчотна і раўніва тыя, хто тут нарадзіўся; яго кахаюць узнёсла і аддана тыя, хто хоць раз наведаў гэты цудоўны куток. Хіба ж можна забыцца на высокія і стромкія ўзгоркі, што пакінуў тут у глыбокай мінуўшчыне ледавік; на багатыя і разнастайныя лясы, што кружаць галаву сваім смалістым водарам; на празрыстае і чыстае паветра, што можна піць як цудадзейныя лекі; на добрых і шчырых людзей, якія сваёй прыязнасцю і гасціннасцю раскрываюць усю прыгажосць беларускай душы
Але Нарачанскі край — гэта найперш азёры. Менавіта яны надаюць гэтай зямлі непаўторную адметнасць, якая вабіць да сябе блізкіх і далёкіх падарожнікаў. Азёр у Нарачанскім краі шмат, каля паўсотні, і кожнае з іх не толькі цікавы прыродны аб'ект з уласцівай толькі яму геаграфіяй і гісторыяй, але і скарб духоўны, у якім, як у чароўным куфэрку, назапашаны легенды і паданні, прыказкі і прымаўкі, цікавыя назвы і мясцовыя здарэнні. Каб азёры маглі гаварыць, то мы пачулі б шмат цікавых апавяданняў пра вадзянікоў і русалак, рыбакоў і аматараў вандровак, птушак і звяроў. Так, самае вялікае возера Беларусі — Нарач, якое многія называюць то "блакітным сэрцам" краіны, то "беларускім морам", а мясцовыя жыхары ласкава — Нарочча. Возера, напэўна, расказала б нам пра свой адзіны востраў Выспу, легенду пра трагічнае каханне дзяўчыны Нары-Найрыты і простага хлопца Андрэя
Суседняе возера Мястра, напэўна, згадала б гістарычную драму свайго замка, успомніла б адметныя асаблівасці горада Мядзел ды лёс старога татарскага мізару, а таксама белы цагляны слуп ля возера, у якім была замуравана Белая Панна. Сваім замкам пахвалілася б і возера Мядзел: на востраве Замак да нашага часу захавалася высокая гара, на якой раней стаялі магутныя ўмацаванні. Шмат цікавага мы маглі б пачуць і пра возера Баторына, і пра Балдук, і пра Рудакова і пра дзесяткі іншых азёр. На жаль, азёры не размаўляюць. Але кожнае возера мае сваю непаўторную энергетыку, сваю аўру. Яна — ў мелодыях хваляў, у шэпце чаротаў і трыснягоў, у плёскаце рыбы, галасах жывёл, птушак, дрэў. Варта толькі паехаць да возера — чуламу сэрцу заўсёды адкрыюцца таямніцы дзівосных беларускіх скарбаў
(легенда) Не было Нарачы тут. Не было Баторына і Мястра. Не было гэтых белакорых прыбярэжных бяроз, тужлівага крыку чаек і выбеленых стагоддзямі аблачын. Была зямля — гіблая, чорная, як і яе абрабаваная доля. І жыла на гэтай зямлі непрыгожая, рабая, як і сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была Алёнка святлей самага белага дня — столькі непрыкметнага хараства таілася ў ёй. Радаваліся дзявочай дабраце простыя людзі, не раз сушыла яна слёзы іх горкай нядолі. І ўсім сэрцам пакахаў рабую дзяўчыну хлопец-прыгажун. Толькі сярод людзей былі і нядобрыя, злыя людзі. Яны балюча дакаралі хлопцаву ніцавокасць, павучалі яго: - Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая чорная, брыдкая твая абранніца. Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца. Да світальных зор насіў хлопец па чорнай зямлі горкую скруху, і яна лілася з сэрца самотнай, тужлівай песняй. І столькі непадробнага пачуцця было ў яе простых словах, столькі жадання надзяліць прыгажосцю свет цэлы. Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўніка. І ён, расчулены ёю да слёз, вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падараваў яму чароўнае люстэрка. Паглядзелася ў люстэрка Алёнка — прыгажуняй няпісанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлі ад яе дзівоснай красы. У сведкі да іх шчасця клікаў хлопец усіх добрых людзей. Упершыню яго сэрца пела пра шчасце. Аднак нядоўгім было яно. Дачуўся пра гэты цуд магнат з палаца. Зайздрасцю засвяціліся хцівыя вочы, калі паланянка-прыгажуня пераступіла княжы парог. - Гэты скарб за ўсе іншыя мне даражэй, — адно і сказаў стары князь. А Нарач — значыць, хлопцава нарачоная. Возера-сэрца. (легенда) Пасля ўдалага палявання ў час вячэры-гулянкі паны дамовіліся пажаніць сваіх дзяцей Галю і Вінцэнта. Раней пытаць у дзяцей згоды не было прынята — усё вырашалі бацькі. Вяселле прызначылі праз чатыры гады, калі Галі споўніцца 17 гадоў.
У Альшэве рыхтаваліся да балю з нагоды семнацацігоддзя Галі. Запрасілі гасцей. У час чарговай паездкі Галя звярнулася да Данілы: - Глянь на возера! Яно як сэрца. Хвалюецца таксама як маё сэрца
Потым яна абняла Данілу, моцна пацалавала і ціха вымавіла: - Я хачу, каб на балі ты танцаваў толькі са мной. Згода? - Згода, — разгублена адказаў Даніла. На баль прыехала шмат гасцей. Прыехаў і Вінцэнт. Калі ўбачыў прыгажуню Галю, то ўспомніў пра заручыны. Вось удача! Шлюб дапаможа паправіць кепскія справы. Пачаліся танцы. Па праву нарачонага Вінцэнт заказаў мазурку і паімкнуўся запрасіць Галю. А Галю вёў на круг Даніла
Вінцэнт вызваў Данілу на дуэль. Месцам двубою прызначылі палянку між ляснымі азёрамі, куды і паскакалі на карэтах. Даведаўшыся пра паядынак, Галя паімчала наўздагон. Калі збягала з гары, то пачула два стрэлы. Потым убачыла Вінцэнта, які стаяў ля дрэва, трымаючы руку ля грудзей
Галя пабегла да параненага, каб аказаць дапамогу, а ў гэты момант Вінцэнт выхапіў кінжал і ўтапіў яго ў маладое дзявочае цела: - Ні мне — ні яму, — былі яго апошнія словы. Даніла падхапіў дзяўчыну і панёс на гару да карэты. Яна абняла яго рукой і шаптала: - Любімы. Дарагі. Не хвалюйся
Я выжыву
Я моцная. Мы будзем шчаслівыя. Глянь на наша возера-сэрца
Возера было такое, як заўсёды. Але раптам вецер моцна ўзняў ваду і на сярэдзіне возера з'явіўся прадаўгаваты востраў. Ён нагадваў рану на сэрцы. Галя на руках Данілы сканала.
- Галубэлька! Галубэлька-а-а-а, — некалькі разоў паўтарыла рэха. І зараз рэха на Галубэльцы паўтарае сказанае па некалькі разоў. Востраў — гэта застыўшая кроў раны на чыстым дзявочым сэрцы — з'яўляецца асуджэннем ганебных чалавечых якасцей: карыслівасці, зайздрасці і рэўнасці.
|
|
Контакты
Беларусь, 222395, Минская областьМядельский район, к.п. Нарочь ул. Ленинская, 11, тел. (01797) 4-73-92 E-mail: info@naroch.com © Национальный парк
«Нарочанский» |
|